КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.

У.Р.Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)